Эстэтычныя пошукі ў сучаснай беларускай лiтаратуры
1. Неаавангардныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай лiтаратуры
Развіццё сучаснай беларускай літаратуры вызначаецца ўзаемаперасячэннем разнастайных эстэтычных пошукаў, тэндэнцый. Пры аналізе сучаснага літаратурнага працэсу можна заўважыць увесь комплекс праблем, што быў напрацаваны класічным еўрапейскім мадэрнізмам, беларускі варыянт якога не быў рэалізаваны ў пачатку дваццатага стагоддзя па сумнавядомых пазалітаратурных прычынах.
Падобная сітуацыя эстэтычнай “недапраяўленасці” мадэрнісцкіх мастацкіх практык склалася, акрамя беларускай, і ва ўкраінскай літаратуры, а таму, на думку Уладзіміра Ешкілева, у сучаснай украінскай літаратуры мэтазгода вылучаць асобны мастацкі дыскурс, пазначаны тэрмінам “неамадэрнізм” [1]. У навуковай літаратуры пераходны перыяд да эпохі постмадэрну пазначаюць тэрмінам “неаавангард” [2, с. 43].
Літаратурнае аб’яднанне “Бум-Бам-Літ” (менеджэр – Зм. Вiш-нёў, “хросны бацька” – філосаф і культуролаг В. Акудовіч), куды ўваходзілі І. Сін, В. Жыбуль, Ю. Барысевіч, А. Бахарэвіч, А. Ту-ровіч, С. Мінскевіч, В. Гапеева (на момант расколу – 30 творцаў) вылучылася наватарскімі пошукамі ў галіне зместу і формы твораў і даволі эпатажнымі паводзінамі. Удзельнікі аб'яднання абвясцілі вайну састарэлым традыцыям у нацыянальнай літаратуры. Авангард увогуле “…немагчымы без актыўных мастацкіх “антыпаводзін”, без скандалу і эпатажу” [3, с.13], які ўспрымаецца ў якасці “камунікатыўнага пратэсту супраць існуючага стану рэчаў” [4, с.13].
На думку М. Шчура, “Бум-Бам-Літ” у супрацьвагу амерыканскай контркультуры, хоць і запознена, “…нарадзіў беларускі контркультурны авангард” [5, с.430]. Ю. Барысевіч сцвярджае, што бумбамлітаўцы працягвалі лінгвістычныя эксперыменты еўрапейскіх літаратараў сярэдзіны 20 стагоддзя. Гэтыя эксперыменты “Бум-Бам-Літа” крытык называе “усходнееўрапейскім трансавангардам” [6, с.15]. Даволі эпатажнымі ўспрымаліся некаторыя тэатралiзаваныя акцыі “Бум-Бам-Лiта”. Аб’яднанне шукала новыя формы выяўлення ўласнай творчасцi: перформанс, спалучэнне дэкламавання тэкстаў з тэатралiзаванай дзеяй i iнш. С. Мінскевіч піша: “На Беларусі бумбамлітаўцы чыталі вершы птушкам, дрэвам, рыбам, дамам і сметнікам; стваралі тэксты для фізіялагічнага ўспрымання – скурай, страўнікам, пячонкай, ныркамі; развешвалі на сабе гірлянды акуляраў, каб бачылі тэкст не толькі вочы, але і клеткі цела; на ссовах мыслення будавалі шызарэалістычную літаратуру; распрацоўвалі гіперсюррэалістычнае АЎТАпісьмо, што палягае на бінарных узаемаўплывах кампутар-чалавек...” [7, с. 127] Тэарэтычнае абгрунтаванне падобнай практыкі – у тэкстах Ю. Барысевіча “Цела і тэкст”, “Кароткая гісторыя “Бум-Бам-Літа”. Гэтыя навацыі вельмі неадназначна ўспрымаліся пісьменнікамі старэйшай генерацыі: “Але паступова дзейнасць неардынарнай суполкі ператварылася ў масовачны, напаўэстрадна-кітчавы (перформансны) эпатаж” [8, с.16]. Імідж “скандаліста” і галоўнага “афрыканізатара” Беларусі стварыў сабе Зм. Вішнёў, А. Бахарэвіч прыўнёс у беларускую літаратуру панкавую стылістыку.
Відавочныя тыпалагічныя сыходжанні з авангарднымі напрамкамі мастацтва выяўляе паэзія Зм. Вішнёва і В. Жыбуля, В. Бурлак, С. Мінскевіча, В. Гапеевай, А. Бахарэвіча. Так, “сувязь з лепшымі традыцыямі дадаізму і сюррэалізму можна заўва-жыць у паэтычных тэкстах Зм. Вішнёва” [4, с.13]. Зм. Вішнёў (1975 г.н.) – адзін з найбольш актыўных удзельнікаў літаратур-ных суполак “Бум-Бам-Лiт” і “SCHERZWERK”. Выдаў зборнікі: “Штабкавы тамтам”, “Тамбурны маскіт”, “Трам для сусліка альбо некрафілічнае даследаванне аднаго віда грызуноў”, “Верыфікацыя нараджэння”, “Фараон у запарку”. Трэба заўважыць, што гэта адзін з самых вядомых на Захадзе беларускіх пісьменнікаў. Ён – пастаянны ўдзельнік шматлікіх літаратурных імпрэзаў у Еўропе. У 2006 годзе на фестывалі паэзіі ў Славеніі атрымаў першую прэмію. Яго творы шмат перакладаюцца на іншыя еўрапейскія мовы.
Зм. Вішнёў спрабуе разбурыць семантычны ўзровень мовы: словы ў яго вершах паздзяляюцца на асобныя выгукі і склады, яны абсалютна губляюць сэнс:
І наогул. І таму. І пляваць. І не трэба. І ўсё
І я! Эх. І каламбур. І куралес.І о.І аІ і І-і-і-і-і-і!!! [9, с. 38]
( “Іхтыязаўр”)
Лятуць самалёты як нехлямыжнікі
Да хвастатых аблачынак
У бок паднябеснай вежы дзе
Адлюстроўваецца сум ветра
Паветра раветра суметра куветра
Наветра леветра неветра зіветра
Муветра хаветра жаветра
Шы-ве-тра [10, с. 54]
(“У маіх руках чорная пячатка…”).
Страфа (драфа) вылятае ў моўкную кадасу (барадасу).
Блішчаць залатыя дыскі (міскі) і рабінавыя вочы (аднойчы).
Чалавек (чабурэк), змазаны вапнай, упаў у сажу (лажу).
Танкі (тапкі, папкі) прарыкалі ў бок Вашынгтона (…дона).
Аднавокая варона і я (у кароне) сядзелі на правадах (абадах) [9, с. 42]
( “Слупавы востраў”)
Такая ўстаноўка была прадэкламавана Зм. Вішнёвым яшчэ на самым пачатку творчасці:
– Таварышы! Істэрычна крычу я.
– Таварышы! Я займаюся словаблудствам! [8, с. 16]
Сваё месца ў паэзіі Зм. Вішнёва займае і традыцыйная для авангарду “рэвалюцыйная” тэматыка. П. Васючэнка лічыць, што творчасць Зм. Вішнёва ў кантэксце традыцый беларускай літара-туры можна ахарактарызаваць як “антымаладнякізм” [11, с.7].
Трэба адзначыць, што самі “Бум-Бам-Літаўцы” адмаўляюць сваю спадчыннасць з сюррэалізмам і футурызмам. Ю. Барысевіч зазначае: “Гэта відавочна не так… Сюррэалізм грунтаваўся на класічным псіхааналізе, нас жа казкі Фрэйда ўжо не захаплялі. Мы імкнуліся разняволіць не індывідуальную падсвядомасць, а інтэрсуб’ектнае, інтэрстылістычнае мысленне. Што да паралеляў з футурызмам – мы недастаткова верылі ва ўсемагутнасць машыны (у тым ліку і камп’ютэра) і надта асцярожна ставіліся да таталітарных ідэалогій” [6, с.14].
Працягам авангарднай паэтыкі “Маладняка” бачацца паэтычныя тэксты В. Жыбуля (Н. Пазняк). Паказальна, што менавіта авангардныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры 20-х гадоў 20 стагоддзя – тэма навуковых пошукаў В. Жыбуля. У сваіх творах паэт спрабуе спалучыць хімічныя, біялагічныя, матэматычныя і фізічныя паняцці. У вершах В. Жыбуля яны паўстаюць як своеасаблівы паэтычны свет. Працягвае В. Жыбуль і маладнякоўскае “апяванне завадскіх гудкоў і фабрычных труб, сталёвага грукату варштатаў і будаўнічых рыштаванняў” [12, с. 282], распачатае ў дваццатыя гады цыклам “Горад” А. Дудара:
Снегапад шыракападшыпнікаў
дыстыляцыяй абдае.
Разгойдваецца
зямля пад шыбеннікамі,
пазначанымі А, Б, В, Г, Д, Е.
Адкрый для сябе гэты бразгат
сцяны аб бітон з малаком.
Пачуй гідраўлічную казку
аб інтымным жыцці малаткоў
і цвікоў [13, с. 39].
(“Напільнікі”)
Нават апісанні навакольнай рэчаіснасці пададзены праз “тэхнізаваную” свядомасць, адлюстроўваюць вынікі “перамогі” над прыродай:
семікутныя танклявыя лісты
пракалыханыя наскрозь
прапітаныя заквасаванай салетрай
раз’едзеныя мыш’яком
падрапаны пазногцямі вятроў
асыпаюцца
на жоўты цэлулоідны дах [13, с.77].
(“Семікутныя пажоўклыя лісты…”)
Як піша Ю. Барысевіч, В. Жыбуль свае “тэхнізаваныя” вершы раіць пазначаць тэрмінам “тэхнарамантызм” [6, с.23].
Працягвае В. Жыбуль і традыцыі маладнякоўскай урбаністычнай паэзіі.
Паказальным для авангардызму з’яўляецца так званы “аўтарскі эгацэнтрызм” і Зм. Вішнёва і В. Жыбуля: вершы Зм. Вішнёва, “Я”, “Я зноў”, “Я – Вішнёў-ля кіпарыса…”, “Я паўлін-маўлін…”, “Я сустракаюся…”, Я пускаю бурбалкі…” і інш.. У В. Жыбуля: “Пуп неба”, “Як захачу – у іншы бок...”, “Я і час”, “Я звышманументальны”, “Нірвана” і інш.
З мадэрнізмам творы А. Бахарэвіча, В. Жыбуля, В. Гапеевай яднае таксама глыбокі песімізм, меланхалічнае светаадчуванне. У В. Жыбуля “свет паўстае то “пасткай”, дзе вымушаны атабарыцца людзі (верш “Пастка”), то “вечным жыццём ля крывога люстэрка”, што дэфармуе нашу свядомасць (верш “Крываслеп”), то ўвогуле жыццём, якое перастала развівацца ў часавай паслядоўнасці, нараджаючы “тых, для каго спыніўся не гадзіннік, а час” (верш “Калі спыняецца гадзіннік…”) [4, с.13].
Неавангардныя тэндэнцыі ў прозе найбольш выразна наглядаюцца ў творах І. Сіна, В. Гапеевай, А. Бахарэвіча. Як сведчыць сам І. Сін, значны ўплыў на яго сталенне мела творчасць аднаго з ідэолагаў сюррэалізму Антанэна Арто. “Адзін з найвялікшых і адораных тапографаў розуму ў яго крайніх праявах” [14, с.247], А. Арто здолеў “апярэдзіць час і прадказаць тэмы, што зробяцца амаль “кананічнымі” напрыканцы дваццатага стагоддзя: ціка-васць да ізатэрыкі і ўсходніх рэлігій” [4, с.13], апісанне памежных станаў чалавечай псіхікі, “хворай свядомасці”, якая ад-люстроўвае шызафрэнічны распад быцця. Гэтыя тэмы цікавяць і І. Сіна.
Адзін з пачынальнікаў еўрапейскага “тэатра абсурду” Арцюр Адамаў, мяркуе што вынайдзены А. Арто “Тэатр жорсткасці” надаў тэатру новае жыццё, дзе “…жорсткасць стала месцам сустрэчы чалавека з законамі Сусвету” [14, с. 239]. Гэты ж тэзіс пакладзены ў аснову тэатралізаваных дзеяў (перфомансаў І. Сіна), які стварыў уласны “Тэатр псіхічнай неўраўнаважанасці”.
Як мяркуе Г. Кісліцына, стылістычнае падабенства проза І. Сіна выяўляе і з французскім “новым раманам”, у прыватнасці з тэкстамі Алана Роб-Грые, найбольш, з раманам “У лабірынце”: [15, с.100]. У апавяданні І. Сіна “Альдаір” “... апісанне блізкага кола рэчаў, прадметаў, і пахаў становіцца больш істотным, чым уласна нарацыя” [15, с.100], ствараючы сітуацыю так званага “шазізму”. “Шызааналіз”, “машына жаданняў” – тэрміны філосафаў-постмадэрністаў Ж. Дэлёза і Ф. Гватары. Трэба сказаць, што названы твор І. Сіна добра ўпісваецца і ў постмадэрнісцкую мастацкую парадыгму, пра што гаворка пойдзе ніжэй. Творы І. Сіна вызначаюцца адсутнасцю часавай паслядоўнасці, “навязлівай асацыятыўнасцю, падпарадкаванай суб’ектыўнай нелінейнай логіцы. Мадэрнісцкая “плынь свядомасці”, найбольш поўна праяўленая ў беларускай літаратуры ў творчасці К. Чорнага, мадыфікуецца ў прозе І. Сіна ў своеасаблівыя “псіхаграмы”, дзе цяжка вылучыць пэўнае праблемна-тэматычнае адзінства” [4, с.13].
Як неаавангардную з’яву можна лічыць спробы некаторых беларускіх літаратараў спалучыць літаратуру з іншымі відамі мастацтва (мастацкая інсталяцыя, перформанс, флэшмоб). Напачатку 20 стагоддзя гэта спрабавалі рабіць сюррэалісты, эксперыменты якіх працягнула праз наладжванне мастацкіх акцый і хэпінінгаў “контркультура”. Як лічыць Ю. Барысевіч, літара-турнае аб’яднанне “Бум-Бам-Літ” праз выкарыстанне розных эпатажных і мастацкіх дзеяў “...прымусіла прызнаць перформанс паўнавартасным літаратурным жанрам” [6, с.7]. Перформеры ствараюць мастацкую прастору, што накіравана, як і ў звычайным тэатры, на камунікатыўны кантакт з публікай і грамадствам.
На думку Ж.-Ф. Ліатара, авангардны працэс у мастацтве дваццатага стагоддзя трэба разглядаць як “нейкую “прапрацоўку” сучаснасцю свайго сэнсу” [16, с.58], а таму “запознены зварот беларускіх літаратараў да прыёмаў авангардызму можна лічыць пераходным перыядам да мастацкіх практык эпохі постмадэрну” [4, с.13].
беларускі лiтаратура сучасны постмадэрн
2. Пытанне пра постмадэрн у сучаснай беларускай літаратуры
Постмадэрн – дамiнуючая эстэтычная iдэя еўрапейскай культуры 60-90-х гадоў. Пачатак літаратурнага постмадэрнізму традыцыйна прынята звязваць з раманам Д. Джойса “Памінкі па Фінегану” (1939), але канчаткова постмадэрн як пануючая светапоглядная сістэма замацаваўся недзе на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Пытанне пра постмадэрнізм ў беларускай літаратуры застаецца спрэчным. Як мяркуюць некаторыя даследчыкі, першым постмадэрнісцкім тэкстам у беларускай літаратуры з’яўляецца раман У. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
I. Л. Шаўлякова сцвярджае думку пра немагчымасць класiчнага постмадэрнiзму на беларускай глебе, “што абумоўлена як непрыняццем той жа “гульнi”, “iронii”, так i адмаўленнем татальнасцi негатыўнага пафасу, падкрэсленай увагай да нацыянальных аспектаў культуратворчасцi” [17, с.30]. Даследчыца выказвае перасцярогу адносна “перанасычанасцi сучаснага мастацтва тропамi ўвогуле i сiмваламi ў прыватнасцi”, што прыводзiць да iнфляцыi i нават разбурэння памяцi сiмвала, гаранта ўстойлiвасцi культурнага кантынууму.
В. Акудовіч лічыць, што “Бум-Бам-Лiт” – першая суполка ў сучасным лiтаратурным дыскурсе (i адзiная ў гiсторыi беларускай лiтаратуры), у аснову якой пакладзены эстэтычны прынцып, а менавiта – эстэтыка постмадэрна [18, с. 237]. Хаця, як паказала мастацкая практыка, пошукі «Бум-Бам-Літаўцаў» адбывалiся i ў авангардным, i ў андэрграўндным, i ў мадэрновым, i нават у традыцыйным дыскурсе. В. Булгакаў заўважае: “Для Акудовіча “Бум-Бам-Лiт” – гэта новыя мастацкія практыкі, сінкрэтычны акт эстэтычнага асваення сапраўднасці на сутыку авангарднай літаратуры, выяўленчага мастацтва і тэатральнага відовішча, творчы кангламерат унікальна адораных індывідаў” [19, с.18].
В. Акудовіч сцвярджае: “Постмадэрн праз творчыя практыкi «Бум-Бам-Лiта” рэальна ўключаў беларускую лiтаратуру ў агульнаеўрапейскi эстэтычны кантэкст. Калi папярэднiкi з некiм змагалiся, то “Бум-Бам-Лiт” нiчога мяняць не збiраўся, рэальна працаваў у агульным эстэтычным полi, натуральным для стану еўрапейскай культуры” [18, с.238].
Творчасць «Бум-Бам-Лiт» неадназначна, калі не сказаць адмоўна, успрымалася старэйшымі пісьменнікамі, паколькі яго ўдзельнікі адмежаваліся ад ідэалогіі нацыянальнага Адраджэння. Ю. Барысевіч піша: “Мы супраць таго, каб абмяжоўваць наша мысленне абшарамі колішняе Рэчы Паспалітай” [6, с.13], “лінгвістычныя эксперыменты постбеларускіх літаратараў можна ўпісаць у храналогію вызвалення еўрапейскай культуры ад вузканацыянальнага мыслення” [6, с.15]. В. Акудовіч заўважае: “Галоўны поспех “Бум-Бам-Лiта” палягае ў тым, што ён першы ў беларускай літаратуры прабіў “мёртвую шкарлупіну” ідэало-гіі нацыянальнага адра